Эссе "Мы-правнуки Победы”

ЭсэМы – праўнукі Перамогі”

 

   Набліжаецца свята 9 Мая. У гэты дзень наша краіна і многія народы свету адзначаць 79-ую гадавіну Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Свята прысвечана тым мужным людзям, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны спынілі “карычневую чуму” цаной свайго жыцця, прынеслі мір народу.

   З першых хвілін вайны мільёны людзей узяліся за зброю. Яны стаялі на смерць, каб вораг не захапіў нашу Радзіму. На фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі людзі змагаліся супраць нямецкіх акупантаў. Яны не думалі пра подзвігі, а толькі хацелі абараніць сваю Радзіму ад фашыстаў, каб іх дзеці, унукі праўнукі… жылі вольна і ў міры.

   У гэтай жудаснай вайне загінула вельмі-вельмі многа людзей, шмат вярнулася інвалідамі. Ні адну сям’ю вайна не абышла бокам. Кожная сям’я згубіла сваіх родных і блізкіх.

   Я і мае аднагодкі ведаем вайну толькі з прачытаных кніг, з прагледжаных кінастужак аб вайне, з аповедаў сваіх дзядоў і бабуль, прадзядоў і прабабуль.

   Маю сям’ю вайна таксама закранула сваёй крывавай рукой. Мой прадзядуля быў прызваны ў армію за месяц да канца вайны, але не паспеў пабыць на фронце. Усё роўна ён перажыў усе жахі гэтай страшнай вайны, бо жыў на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Гомельскай вобласці. Прадзядуля бачыў, як фашысты і іх прыслужнікі здзекваліся над мірнымі жыхарамі яго вёскі, расстрэльвалі і вешалі партызанаў, і нават ні ў чым непавінных людзей. Старэйшы брат яго бацькі быў забіты нямецкім камендантам. Стрыечныя браты яго маці (браты Лізюковы) змагаліся і ўсе загінулі на вайне. Дзевяць стрыечных братоў прадзеда таксама загінулі на вайне, а дзве стрыечныя сястры – у блакадным Ленінградзе. Мая прабабуля памерла задоўга да майго нараджэння, таму што вайна падарвала яе здароўе. Яе і старэйшую сястру адправілі на прымусовыя работы ў Чэхію. Муж яе сястры загінуў пры вызваленні Чэхіі. Брат яе прапаў бяззвестак, пераходзячы лінію фронта, каб змагацца супраць ворагаў. Бацька быў замучаны паліцаямі.

   Вось такі лёс маіх прадзядуляў і прабабуль у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але такі лёс напаткаў не толькі маіх родзічаў, але і іншыя сем’і. Усе тыя людзі, што загінулі на вайне, адстайвалі перамогу над акупантамі для нас, іх нашчадкаў. Таму я лічу, што мы з’яўляемся праўнукамі Перамогі, якую здабылі нам нашы прадзеды. І пагэтаму мы, маладое пакаленне Беларусі, павінны памятаць пра подзвіг нашых прадзедаў, каб гледзячы на былыя жахі вайны, змаглі будаваць наша будучае ў міры і згодзе.

   Нізкі паклон ветэранам вайны, якіх засталося зусім мала!

   Нізкі паклон усім загінуўшым героям, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля нашага шчасця!

   Пакуль б’юцца нашы сэрцы, мы будзем помніць пра іх подзвіг!

 

Чахоўская Мілана Дзянісаўна,

5 клас

Настаўнік Карпава Ларыса Міхайлаўна